ГО́РАЦКІ РАЁН,
на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 27,7 тыс. чал. (1996). Сярэдняя шчыльнасць 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Горкі. 173 сельскія населеныя пункты. 12 сельсаветаў: Аўсянкаўскі, Будскі, Горацкі, Горскі, Добраўскі, Копцеўскі, Ленінскі, Маслакоўскі, Паршынскі, Рудкаўшчынскі, Рэкценскі, Саўскі.
Паверхня раёна пласкахвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Каля ⅔ тэр. занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай, на ПнУ — частка Смаленскага ўзвышша. Пераважаюць выш. 190—200 м, найвыш. пункт 231,4 м (каля в. Майсеева). Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -8,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 640 мм за год. Вегетацыйны перыяд 183 сут. Рэкі: Проня з прытокамі Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Галыша; Бася з прытокамі Паўна і Галубіна; Рамясцвянка, Лебядзёўка, Дняпрэц, Мярэя. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лесам 17,9% тэр. раёна (на Пн вял. масіў Горацкая лясная дача); пераважаюць яловыя, хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы. Пад балотамі 4,1% тэрыторыі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 81,6 тыс. га, з іх асушаных 18,8 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 7 саўгасаў, племзавод «Леніна», элеватар (каля в. Нівішча), міжгаспадарчае прадпрыемства «Дняпрэц». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (масласыраробнай), лёгкай (перапрацоўка льносыравіны) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Орша—Крычаў, аўтадарогі з г. Горкі на Оршу, Магілёў, Мсціслаў. На тэр. раёна знаходзіцца Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія і пед. вучылішча (в. Леніна). У раёне 12 сярэдніх, 6 базавых і 10 пач. школ, 2 муз. школы, 16 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 27 б-к, 6 бальніц, 21 фельч.-ак. пункт. Помнікі архітэктуры — рэшткі касцёла (пач. 19 ст.) і сядзіба (канца 19 ст.) у в. Расна. Мемар. комплекс і музей савецка-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях».
т. 5, с. 358